У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце прайшоў цыкл сустрэч у рамках Адзінага дня інфармавання. Галоўнай тэмай дыялогу са студэнтамі і супрацоўнікамі стала адна з ключавых дат у гісторыі беларускай дзяржаўнасці — «Дзень народнага адзінства як фактар нацыянальнага гонару».
Сустрэчу правёў дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання Дзяніс Віктаравіч Буднік. У фармаце адкрытага дыялогу ён расказаў аб гістарычнай аснове свята. Студэнтам была дадзена параўнальная характарыстыка развіцця Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і БССР у складзе Савецкага Саюза па прамысловым, культурным і адукацыйным патэнцыяле. Асаблівую ўвагу спікер надаў фактам этнацыду беларусаў на тэрыторыі II Рэчы Паспалітай. Дзяніс Віктаравіч падкрэсліў, што вызваленчы паход Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года дазволіў нашаму народу захаваць дзяржаўнасць і нацыянальную ідэнтычнасць, стаўшы актам гістарычнай справядлівасці.
Таксама перад студэнтамі выступілі старшыня Брэсцкага гарадскога савета ветэранаў Ганна Тарасаўна Анішчук і член савета ветэранаў, кіраўнік інфармацыйна-прапагандысцкай групы «Доблесць. Гонар. Айчына», падпалкоўнік у адстаўцы Іван Мікалаевіч Шульга. Прадстаўнікі старэйшага пакалення падзяліліся асабістымі ўспамінамі і разважаннямі аб тым, якую цану заплацілі продкі за права жыць на адзінай зямлі. Спікеры акцэнтавалі ўвагу моладзі на важнасці захавання гістарычнай праўды і недапушчальнасці скажэння фактаў Вялікай Айчыннай вайны і падзей 1939 года. Размова прайшла ў цёплай атмасферы пераемнасці традыцый.
Завяршэннем Адзінага дня інфармавання стала сустрэча з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Аляксандрам Аляксандравічам Коркотадзе. Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што Дзень народнага адзінства-гэта не проста даніна мінуламу, але і магутны фактар кансалідацыі грамадства сёння. Ён нагадаў, што менавіта дзякуючы падзеям верасня 1939 года было сфарміравана сучаснае тэрытарыяльнае аблічча краіны, а подзвіг абаронцаў крэпасці стаў вечным сімвалам нязломнага духу народа.
